Вымушана патаннелі мінскія кватэры

Дата публикации: 28 апреля 2011

На другасным рынку жыллёвай нерухомасці сталіцы ў красавіку назіраўся незапланаваны мёртвы сезон, калі масавы патэнцыяльны пакупнік нібыта і прысутнічаў на рынку, аднак рэальна нічога там не набываў. Колькасць сур'ёзных пакупнікоў з грашыма з кожным днём толькі памяншаецца, паведаміў карэспандэнту "Звязды" кіраўнік агенцтва "БелЦТН", старшыня савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў.

 

З'явіліся аднапакаёўкі і за 37 тыс. USD

Згодна са звесткамі інфармацыйнага каталога рэспубліканскага выдання "Нерухомасць Беларусі", на другасным рынку жыллёвай нерухомасці сталіцы квадратны метр усіх відаў кватэр таннее трэцюю дэкаду запар тэмпам ад 2 да 10 долараў у тыдзень. Сёння сярэдні кошт аднапакаёвай кватэры складае 51 тысячу долараў. Гэта сярэдні кошт прапановы ўсіх аднапакаёвак, з улікам і даволі дарагіх у цэнтры Мінска. Мікалай Прасталупаў адзначае, што сёння на рынку ў продажы ёсць каля тысячы кватэр, кошт якіх крыху ніжэйшы за сярэднерынкавую цану. Менавіта гэтымі 20 працэнтамі кватэр з усёй колькасці прапановы і цікавяцца патэнцыяльныя пакупнікі ў першую чаргу. Самыя слабенькія па якасці аднапакаёвыя кватэры з агульнай плошчай да 34 квадратных метраў магчыма набыць сёння за 37—40 тысяч долараў. Самая вялікая колькасць прапанаваных на продаж аднапакаёвак мае кошт ад 40 да 50 тысяч долараў. У цікавых спальных раёнах магчыма адшукаць стандартную аднапакаёўку ў панэльных дзевяціпавярховых дамах па кошце да 55 тысяч долараў. Маленькім жыллём даражэй за 60 тысяч долараў патэнцыйныя пакупнікі ўвогуле амаль не цікавяцца.

Мінімальны кошт старых двухпакаёвых "хрушчовак" пачынаецца з 45-46 тысяч долараў. Агульная плошча такіх кватэр складае 36-44 квадратныя метры. Сапраўды цікавыя варыянты стандартных двухпакаёвых кватэр прапануюцца кліентам у цэнавым дыяпазоне ад 52 да 60 тысяч долараў.

Маленькія трохпакаёвыя "хрушчоўкі" каштуюць сёння 55-57 тысяч долараў. У такіх кватэрах амаль абавязкова існуюць прахадныя жылыя пакойчыкі і маленькія кухні плошчай да 7 "квадратаў". Рэальны цэннік трохпакаёвых кватэр, на якія звяртае ўвагу патэнцыяльны пакупнік, складае да 72—75 тысяч долараў. Дарагім жыллём сёння не цікавіцца амаль ніхто.

Другасны рынак сталічнага жылля будзе працаваць заўсёды

Мікалай Прасталупаў адзначае, што на сталічным жыллёвым рынку цяпер актыўнасць пакупнікоў імкнецца да нуля. Няма на рынку традыцыйнай веснавой хвалі прапановы ад новых прадаўцоў, якія вырашылі пачакаць лепшых часоў, аднак... У Мінску сёння дастаткова людзей і сем'яў, якія вымушаны вырашаць свае жыллёвыя праблемы менавіта праз механізм куплі-продажу кватэр на другасным рынку жылля.

Так, колькасць здзелак цяпер на рынку істотна зменшылася, бо ў патэнцыйных пакупнікоў існуюць сур'ёзныя цяжкасці па лініі канчатковых разлікаў з уласнікам жылля. Прадаўцы патрабуюць за жыллё замежную валюту, а з ёй існуе праблема. У вялікіх аб'ёмах валюту зараз немагчыма ні пазычыць, ні канверсаваць. Часткова рублі сёння згаджаюцца браць толькі тыя прадаўцы, якія адначасова з'яўляюцца і кліентамі сістэмы долевага будаўніцтва. На першасным рынку жылля за будаўніцтва трэба плаціць выключна рублямі. У гэтым выпадку прадаўцы і пакупнікі павінны дамовіцца аб курсе пераліку валюты ў рублі. Пры такіх разліках курс долара складае прыкладна 3500-3800 рублёў. Вялікая колькасць прадаўцоў згодна прадаваць сваю нерухомасць і за рублі ў тым выпадку, калі курс долара па дамоўленасці лічыць на ўзроўні 4000 рублёў, аднак з такім пералікам валют ужо не згодны пакупнік.

Да восені сур'ёзнага патаннення не будзе

Мікалай Прасталупаў упэўнены, што да восені мінскія кватэры ў доларавым эквіваленце застануцца прыкладна на сённяшнім узроўні. Так, згодна з рынкавым прынцыпам раўнавагі попыту і прапановы, калі на нейкі тавар пэўны час адсутнічае попыт, тады цэны на яго павінны зніжацца. Гэта ў ідэале. У нашай краіне такі прынцып дзейнічае не заўсёды. Тут існуе псіхалагічны момант, калі людзі не могуць згадзіцца з тым, што іх цудоўная жыллёвая нерухомасць чамусьці стала каштаваць менш. Цяпер на рынку, напрыклад, пачалі з'яўляцца такія асобы, у якіх хапае валютных рэсурсаў. Такія "новабеларусы" гатовыя разлічыцца за жыллё выключна наяўнай валютай імгненна, аднак патрабуюць ад прадаўцоў даволі сур'ёзных зніжак. Такія фокусы цяпер на рынку не працуюць. Максімальныя зніжкі, на якія згаджаюцца прадаўцы, складаюць не больш за 1-2 тысячы долараў.

Ці можа праз пэўны час жыллё на другасным рынку сталіцы патаннець больш істотна? Так, гэта магчыма, лічыць наш эксперт. Другасны сталічны рынак сур'ёзна "завязаны" на першасны рынак будаўніцтва камерцыйнага жылля. Калі курс долара ў нас будзе павялічаны, тады ў забудоўшчыкаў кошт квадратнага метра ў доларавым эквіваленце можа паменшыцца. У тым выпадку, калі кошт жыллёвага "квадрата" ў сістэме долевага будаўніцтва ў большасці забудоўшчыкаў стане менш за тысячу долараў, тады кліент пачне масава пераходзіць у структуру будаўніцтва жылля. Толькі ў гэтым выпадку прадаўцы будуць вымушаны памяншаць цэны на сваё далёка не новае жыллё.

Пакуль масавага патаннення будаўніцтва кватэр у сталіцы не назіраецца. Сярэдні кошт будаўніцтва квадратнага метра ў Мінску складае 1100-1300 долараў. Выключэнне складае толькі будаўніцтва новага мікрараёна побач з метро "Аўтазаводская", дзе ў жылым квартале Адэская—Лазо—Катоўскага квадратны метр прапануецца за 900 долараў. Па 830 долараў за квадратны метр прапануецца цяпер будаўніцтва трохпакаёвых кватэр у Бараўлянах, а таксама вельмі вялікіх кватэр (143—212 кв. м) у жылым комплексе "Дабрадзеева" (в. Тарасава, 1 км ад МКАД) за 950 долараў.

Крыніца: TUT.BY

просмотров новости: 29073


Комментарии

Отправить новый комментарий